Галоўная » Артыкулы » Вершы на беларускай мове » Пімен Панчанка

Родная мова. Пімен панчанка

Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
Гэта ластавак шчабятанне,
Звон світальны палескіх крыніц,
Сінь чабору, і барвы зарніц,
І буслінае клекатанне.
Калі ж хто загадае: "Не трэба!" —
Адрачэцца ад мовы народ, —
Папрашу я і сонца, і неба:
Мне не трэба ні славы, ні хлеба,
Асудзіце на безліч нягод.
Толькі месяцаў назвы пакіньце,
Назвы родныя роднай зямлі,
Пра якія з маленства ў блакіце
Бор шуміць і пяюць жураўлі:
Студзень — з казкамі снежных аблокаў,
Люты — шчодры на сіні мароз,
Сакавік — з сакатаннем і сокам
Непаўторных вясновых бяроз,
Красавік — час маланак і ліўняў,
Травень — з першым каханнем, сяўбой,
Чэрвень — з ягаднаю зарой,
Ліпень — з мёдам,
З пшаніцаю — жнівень,
Спелы яблычны верасень,
Светлы кастрычнік
У празрыстасці чыстай, крынічнай,
Лістапад — залаты лістапад,
Снежань — першы густы снегапад...
Ці плачу я, ці пяю,
Ці размаўляю з матуляю —
Песню сваю, мову сваю
Я да грудзей прытульваю.
Чытаць цалкам:  http://www.vershy.ru/content/kazhuts-mova-maya-adzhyvae

Катэгорыя: Пімен Панчанка | Дадаў: dimonas (23.01.2017)
Праглядаў: 1546 | Рэйтынг: 5.0/1
Усяго каментараў: 0
omForm">
avatar