Галоўная » Артыкулы » Вершы на беларускай мове » Пімен Панчанка

Краіна мая. Пімен Панчанка

Краіна мая, радасць мая,
Песня мая маладая!
Па нівах тваіх, па тваіх гаях
Сынава сэрца рыдае.

Ты часта прыходзіш ка мне, як сон.
Хмараю праплываеш,
Птушкай садзішся на ціхі клён,
Звонкім дажджом ападаеш.

Тады ўспамінаецца ўсё да драбніц,
Што звязана з родным краем, —
Як жыта шуміць, як агонь зарніц
На дне азёр дагарае.

Як летам спякотным за днямі дні
Ішлі па іржышчы калючым...
Мы ранілі ногі аб камяні,
I нам не было балюча.

I не было нічога ярчэй
За сонца на родным небе,
I не было нічога смачней
Матчынага хлеба.

Вада з прыдарожнага ручая
Была саладзей за мёд нам...
Краіна мая, маці мая,
Лёс твой цяжкі і гаротны!

Топча, катуе тваю зямлю
Вылюдак ашалелы.
Я кроў да апошняе кроплі пралью,
Каб толькі табе палягчэла.

Ні славы, ні скарбаў я не хачу,
Мне б толькі прыйсці непрыкметна,
Зямлю сваю пад нагамі адчуць,
Надыхацца родным паветрам.
Чытаць цалкам:  http://www.vershy.ru/content/kraina-maya

Катэгорыя: Пімен Панчанка | Дадаў: dimonas (16.12.2016)
Праглядаў: 1289 | Рэйтынг: 0.0/0
Усяго каментараў: 0
omForm">
avatar