Галоўная » Артыкулы » Вершы на беларускай мове » Максім Танк |
Звон кафедральны кліча на Ave. З цесных завулкаў злева і справа Гуртам манашкі ў чорным адзенні Цягнуцца, быццам сумныя цені. Тут і старыя, і маладыя,— Ave Maria...
Я не звярнуў бы і ўвагі можа, Каб не пабачыў між іх прыгожай Адной манашкі, якая мае Не больш, хіба, як семнаццаць маяў; Чорныя вочы, бровы густыя,— Ave Maria!
Нат пад жалобнай вопраткай чорнай Ты адгадаеш: стан непакорны, Ножкі, якімі б на карнавалах I захапляла і чаравала, Смуглыя рукі, грудзі тугія,— Ave Maria!
Глядзіць набожна на крыж пятровы, А я малюся на яе бровы: Няўжо, красуня, ты не шкадуеш, Што хараство і жыццё марнуеш? Як танцавалі б ножкі такія,— Ave Maria!
Цябе атрутаю апаілі, Ружанцам рукі табе скруцілі. Смялей парві ты яго, не бойся! У полі недзе шуміць калоссе... О, як бы жалі рукі такія,— Ave Maria!
А потым хутка прыйшло б каханне, Страчала б з мілым свой золак ранні. А потым стала б ты гаспадыняй I калыхала б сваю дзяціну! О, як кармілі б грудзі такія,— Ave Maria!
Не знаю, можа, мая малітва Мне памагла б выйграць гэтую бітву, Але пазвалі яе; манашка Пайшла за ўсімі, ўздыхнуўшы цяжка, Пад зводы змрочныя і глухія,— Ave Maria!.. | |
Праглядаў: 1312 | |
Усяго каментараў: 0 | |