Сыйду са сцежкі я тваёй,
Як цень з няведамага краю,
Хоць і не вырву ўжо з грудзей
Таго, з чым жыці сіл не маю.
Судзіла доля мне сустрэць
Цябе, як казку негадану,
Ды не судзіла доля мець
Пацехі з гэтага жаданай.
Пракляцце нейкае вісіць
Над лёсам марным і сірочым
Ды рве і рве за ніцяй ніць,
Якія з шчасцем злучыць хочуць.
Нявольнік дум сваіх і сноў,
Сябе самога раб няшчасны,
Я скрозь жыццё адзін сам шоў,
Пуціны не зазнаўшы яснай.
І думаў, што скаваў ўжо лёд
Мне ўсе жаданні і парывы,
Што дажыву я сваіх год,
Па-свойму вольны і шчаслівы.
Так думаў… сталася не так –
Душу збудзіла дзіўна з’ява:
Чагось жадаць пачаў бядак,
Штось згледзеў больш, як смерць і слава.
Інакш забілася ў грудзях
Сляпое, прыспанае сэрца, -
Змяніў на кветкі церні шлях
І думаў: шчасце ка мне рвецца.
Але здалося гэта ўсё,
Быў сон, а ява засталася,
Надзеі зорка ў небыццё,
Як здань жывая, праняслася.
Зноў сам адзін, як блудны цень,
З далёкай вырваны каметы.
Ідзі, брыдзі і ноч, і дзень,
Навек згубіўшы ўсе прасветы.
Каб мог душу ўзяць, паказаць,
Каб мог сабе сам вырваць грудзі,
Тады б мо ты змагла паняць,
Чаго паняць не хочуць людзі.
Тады б мо каменем цяжкім
Маёй душы не надзяліла,
Над сэрцам мела б жаль маім
Ды і ўздыхнула б… над магілай.
Читать полностью: http://moykahany.ru/syidu
|