Галоўная » Артыкулы » Вершы на беларускай мове » Янка Купала

Гэй, наперад! Янка Купала

Гэй, наперад, покі сэрца
Б'ецца, рвецца на прастор,
Годзе млеці ў паняверцы;
Гэй, да сонца! гэй, да зор!
Хай бацькі стагналі ўчора,
Йшлі на той сьвет без пары;
Сёньня ў нашай моцы гора,
Мы – жыцьця гаспадары!
Думка ў думку, дружна, сьмела
Усе наперад грамадой!
Кожны ведай сваё дзела,
Знай, за праўду крэпка стой!
К новай долі шлях нам ляжа,
Як на небе Млечны Шлях,
Слова, дум ніхто не зьвяжа,
Жыць, цярпець не будзе страх!
І не стане больш пакуса
Першых-лепшых збоку браць,
Славяніна-беларуса
Вечна ў лапці абуваць.
Дык наперад, покі сэрца
Б'ецца, рвецца на прастор,
Годзе млеці ў паняверцы!
Гэй, да сонца! гэй, да зор!
 

Катэгорыя: Янка Купала | Дадаў: dimonas (24.01.2017)
Праглядаў: 684 | Рэйтынг: 0.0/0
Усяго каментараў: 0
omForm">
avatar