Галоўная » Артыкулы » Арфаграфія |
1. У складаных словах можа быць адзін асноўны і адзін або некалькі пабочных націскаў. Калі ў другой частцы складанага слова націск на першым складзе, то ў першай частцы замест о пішацца а: дабрадзе'й, скарахо'д, салява'р, дабрая'касны, галавало'мка, вадасхо'вішча, малатабо'ец, бамбасхо'вішча, раўнапра'ўе. Літара о захоўваецца ў складаных словах, першай часткай якіх з’яўляюцца слова-, што-, фота-, мота-: словафо'рма, словатво'рчасць; штодзённы, штоме'сяц, штого'д; фотазды'мак, фотако'пія, фотаплёнка, фотака'мера, фотавы'стаўка і г.д.; але: фатагра'фія і вытворныя ад яго; мотаго'нкі, мотакро'с, мотаспо'рт і г.д.; але: матаво'з, матацы'кл і вытворныя ад іх. 2. Калі ў другой частцы складанага слова націск не на першым складзе, то ў першай частцы захоўваецца о: аснòвапалажэ'нне, бавòўнапрадзі'льны, вòгнетрыва'лы, вòдаразмеркава'льнік, вагòнарамо'нтны, вòстракамбінацы'йны, высòкаідэ'йны, галòўнакама'ндуючы, кòрманарыхто'ўка, кòнегадо'ўля. У першай частцы некаторых складаных слоў, асабліва навуковых тэрмінаў, можа выразна праяўляцца пабочны націск і тады, калі асноўны націск падае на першы склад другой часткі. У такім выпадку пад пабочным націскам у першай частцы захоўваецца напісанне о: агòрафо'бія, азòнасто'йкі, азòтнакі'слы, збòжжасхо'вішча, кòксага'завы, мангòлазна'ўства, мòвазна'ўства, мòвазна'ўчы, матòразбо'рка, рабòтада'вец, слòватво'рчасць, фòндасхо'вішча і інш. Ва ўсіх іншых выпадках напісанне падобных слоў вызначаецца па слоўніку. 3. Літара о пішацца ў першай частцы складаных слоў, калі другая частка пачынаецца з ў (у нескладовага): марозаўсто'йлівы, торфаўбо'рачны, вогнеўсто'йлівы, збожжаўбо'рка. 4. Лічэбнікі ад 600 да 800 утвараюць асобны тып складаных слоў, у якіх першая частка скланяецца і пішацца як самастойнае слова. Напрыклад*: Н. шэсцьсот семсот восемсот Р. шасцісот сямісот васьмісот Д. шасцістам сямістам васьмістам В. шэсцьсот семсот восемсот Т. шасцюстамі сямюстамі васьмюстамі М. (аб) шасцістах сямістах васьмістах 5. Гук [э] ў першай частцы складаных слоў захоўваецца і абазначаецца літарай э: мэтанакіраваны, мэтазгодна, рэдказубы, шэравокі, арэхападобны, крэдытаздольнасць, тэлебачанне. 6. У складаных словах, утвораных ад лічэбніка ў форме роднага склону і іншага слова, першая частка пішацца так, як яна пішацца ў родным склоне лічэбніка: трохдзённы, чатырохпавярховы, шасціствольны, шасцісоты, пяцідзёнка, дзесяцігодка, сямікласнік, васьмігадовы, васьмісоты, дзевяціградусны, саракагоддзе, саракапяцітонны, двухсотметровы. 7. Калі складаныя словы маюць у сваім складзе больш за дзве часткі, то кожная з іх пішацца як асобна ўзятае слова: авіяматорабудаванне, аўтатрактарабудаванне, аэрафотапрыбор. | |
Праглядаў: 1271 | |
Усяго каментараў: 0 | |